квазіалфавітнае клінапіснае кансанантнае пісьмо, якое ўжывалася ў 15—14 ст. да н.э. для запісу тэкстаў на гліняных таблічках. Гэтыя таблічкі з’яўляюцца адзінай крыніцай вывучэння угарыцкай мовы — адной з семіцкіх моў, што была пашырана ў канцы 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. на тэр. Угарыцкага царства (гл.Угарыт). Вядомы таксама угарыцкія надпісы на хурыцкай і акадскай мовах. Мяркуюць, што У.п. развілося са складовага клінападобнага лінейнага пісьма (не захавалася). Існуе гіпотэза, што першапачаткова знакі У.п. абазначалі спалучэнні пэўнага зычнага з любым галосным, а пазней — толькі зычныя. Для аблягчэння чытання У.п. выкарыстоўвала словараздзяляльнікі (вертыкальныя кліны), а не пазней 14 ст. да н.э. ва У.п., як і ў інш. відах зах.-семіцкага пісьма, пачалі выкарыстоўваць matres lectionis (літаральна — мацеркі чытання) — адмысловыя знакі некат. зычных, якія ўжываліся для абазначэння галосных.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987;
Шифман И.Ш. Возникновение знаний о языке у финикиян // История лингвистических учений: Древний мир. Л., 1980.